30dff957     

╠єфЁют ┬шэЎхё№ - ─рЁюур б ─трЎЎрЎ№ ╩Ёюърв (═р ┴хыюЁєёёъюь ▀ч√ъх)



Вiнцэсь Мудроў
Дарога ў дваццаць крокаў
I
- Месца - дакладна тое? - крыкнуў Мiкола, выцiраючы чупрыну калашыньнем
спартовых штаноў.
- Тое, - адгукнуўся дзед Трахiм, - якраз насупраць камня. Тады ён на
паверхнi быў, а цяпер во... у зямлю ўехаў, - дзед прысеў на камень, выцягнуў
пачак "беламору".
- Можа далей адплывем? - падаў голас Гасюта, зiрнуў на дзеда i той,
чыркнуўшы запалкай, страсянуў галавой: - Самазвал на паўкола ў ваду ўехаў, як
скiдваў. Так што - шукайце. Дзесьцi там i ляжыць.
Мiкола памыляў сьсiнелымi ад холаду вуснамi, зморана ўздыхнуў i,
пастаяўшы, як той скакун на вышцы, на носе лодкi, сiгануў у ваду. Гэтым разам
ён прабыў пад вадой як нiколi доўга: Гасюта нават сьцягнуў з галавы кашулю,
зьбiраючыся ратаваць сябра, ды тут Мiкола вылецеў, па самы пояс, з вады i з
панiкай у голасе выдыхнуў:
- Ёсьць!
Пару хвiлiнаў Мiкола аддзiмаўся, трымаючыся за вясло, потым насунуў на
плячук зашмаргу, нырцануў пад лодку i з такой рашучасцю адштурхнуўся нагамi ад
днiшча, што Гасюта, якi стаяў у поўны рост i разблытваў вяроўку, ледзь не
кульнуўся за борт.
Першыя, а таму самыя гострыя сонечныя промнi працялi небасхiл i рака з
серабрыстай ператварылася ў ружовую.
- Глеем зацягнула... ледзь адшукаў, - прамармытаў Мiкола, выбраўшыся на
бераг: небараку даймалi дрыжыкi, ён увесь сьсiнеў, зуб паганяў зуба i Гасюта,
перш, чым пачапiць да трактара канец вяроўкi, палез у кабiнку, выцягнуў адтуль
пачатую пляшку.
Мальцы глынулi на поўную губу, працягнулi пляшку дзеду Трахiму, але дзед
пiць адмовiўся.
Праз пару хвiлiн гасютавы "беларус" залескатаў на высокiх абаротах,
вяроўка напялася i струной засьпявала ў паветры. Дагэтуль дзед Трахiм паглядаў
на сьвет зь лёгкай ўсьмешкаю, а ўгледзеўшы напятую вяроўку, ураз пасур'ёзьнеў,
прыхапiўся на ногi i застыў, з прыгаслай папяроскай у зубах.
Трактар натужлiва завуркатаў, зямля здрыганулася i з вады ўзьнялося
штосьцi зялёнае i круглявае. Напачатку цяжка было ўгледзець у бясформеннай
камлызе чалавечыя вiдарысы i толькi калi камлыга прапаўзла па пясочку, а затым
успарола берагавы дзiрван, пакiнуўшы на iм пасму зялёнай тванi, сталi
праглядацца няўклюдная галава i шырокая грудзiна.
- Някволы бюсьцiк... чатыры тоны пацягне! - выдыхнуў Мiкола, з натхненьнем
выкручваючы свае шырозныя, у "сэканд-хэндзе" куплёныя трусы.
Сябрук у адказ задаволена крэкнуў, перакiнуў з рукi на руку пакарабачаную
манцiроўку i мiжволi прыпынiў крок, рахуючы - колькi "зялёных" iм адваляць за
бронзавага балвана.
Манцiроўка ляснула тупым канцом па балвану i гук ад удару атрымаўся глухiм
i няўцямным.
- Цэмэнт, - прамовiў дзед Трахiм, а ўнук, пасьпеўшы нацягнуць трусы толькi
на левую кумпячыну, перахапiў манцiроўку i з амонаўскiм натхненьнем стукнуў
балвана па няўклюднай галаве.
- Цэмэнт, - уголас прашапталi хлопцы i разам паглядзелi на дзеда.
- Ну што, дзядуля... дзе твая бронза? - голас Мiколавы дрыжэў, як авечы
хвост, - папёрлiся... зь цёмнага рана... по-омнiк... бро-онзавы... - унук
мацюкнуўся, падцягнуў трусы i рушыў да "беларуса" - дапiваць рэшткi гарэлкi.
Добрых поўгадзiны хлопцы моўчкi ляжалi на траве, смалiлi цыгарэты,
нарэшце, Гасюта падняўся на ногi i, кiўнуўшы ў бок камлыгi, запытаў:
- Дык што, адвязваем?
- Ды не-е... - прыспана прамовiў Мiкола, - цягнi да дзедавай хаты. Будзе
ведаць, як народу мазгi дурыць.
- Ты што, ашалеў? Навошта мне гэтая халера! - крыкнуў дзед Трахiм, але
Гасюта тым часам ужо залез у кабiнку, паддаў газу i цэмэнтавая гаргара,
пакiдаючы па сабе глыбокую бараз